Прасяное зернетка
Мурашы аднойчы дачуліся, што захварэла Мышка, і рашылі яе праведаць.
– З пустымі рукамі не ходзяць у адведкі, тым больш да суседкі, – сказала мурашыная матка і пачала думаць-гадаць, які Мышцы гасцінец перадаць.
– Мо калоду мёду?
– Мо маліны кошык?
– Прасяное зернетка? Мышка зернетка паспытае – адразу ачуняе.
На тым і пагадзіліся. Ганцамі-пасланцамі выбралі мурашку Машку ды мурашыка Лукашыка. Укінулі тыя ў торбу зернетка і адправіліся ў дарогу.
Ідуць, ідуць, прасяное зернетка ў торбе нясуць. Ды раптам запыняе іх Слімак:
– Куды ідзяце? Што ў торбе несяце? Аддайце мне!
– Не! – сказалі мурашка Машка і мурашык Лукашык. – А ў торбе зернетка нясём. Бо да хворай Мышкі ідзём.
– Тады зробім так, – сказаў Слімак. – Утраіх панясём!
Ідуць, ідуць, прасяное зернетка ў торбе нясуць. Запыняе іх Жук:
– Куды ідзяце? Што ў торбе несяце? Аддайце мне!
– Не! – сказалі мурашка Машка і мурашык Лукашык ды Слімак. – А ў торбе зернетка нясём. Бо да хворай Мышкі ідзём.
– Тады зробім так, – сказаў Жук. – Зернетка ўчацвярых панясём!
Ідуць, ідуць, прасяное зернетка ў торбе нясуць. Запыняе іх Павук:
– Куды ідзяце? Што ў торбе несяце? Аддайце мне!
– Не! – сказалі мурашка Машка і мурашык Лукашык, Слімак ды Жук. – А ў торбе зернетка нясём. Бо да хворай Мышкі ідзём.
– Тады зробім так, – сказаў Павук. – Зернетка ўпяцярых панясём!
Ідуць, ідуць, прасяное зернетка ў торбе нясуць. Аж бачаць: на ўзлессі церамок стаіць, а пры ім, на прызбе, Мышка ляжыць.
– Добры дзень, дарагая суседка! Мы да цябе ў адведкі! – сказалі Мышцы ганцы-пасланцы і падалі торбу з гасцінцам: – Прасяное зернетка пакаштуеш – адразу сілу адчуеш!..
Жаліцца Мышка з прызбы:
– Ой, я зубкі ў рамонт аддала! А запасных не маю. Таму і галадаю. Пакуль зубкі точацца, есці дужа хочацца.
– Тады зробім так: спячом з зернетка пышку! – суцешылі госці Мышку. – Для мяккага хлеба зубы не трэба.
І пачалі завіхацца, старацца. Жорны круціў Павук, дровы калоў Жук, у печы паліў Слімак, вадзіцу з крыніцы насіў мурашык Лукашык, а цеста мясіла мурашка Машка.
Спяклася пышка, і госці сказалі Мышцы:
– Цяпер падымайся, бяры гасцінец ды папраўляйся!
Усцешылася Мышка, узяла пышку. За стол гасцей запрасіла, пышку падзяліла.
Ушасцярых прыселі – ураз пышку з’елі.
Мурашка Машка і мурашык Лукашык, Слімак і Жук, Павук і Мышка заспявалі:
Хвала, хвала зернетку прасяному!
А нам пара
Дадому.
Яраслаў ПАРХУТА